Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Малады ды ранні в Поставах

Гэта пра Уладзіслава Шаршнёва — начальніка навасёлкаўскага аддзялення адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай». Сёння ў яго адказны і хвалюючы дзень — у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі абараняе дыпломную работу. 30 чэрвеня атрымае дыплом агранома.

У свае 26 ён можа з упэўненасцю сказаць, што жыццё ўдалося: ёсць работа, якая прыносіць задавальненне, прасторны дом, моцная сям’я. Нарадзіўся Ула­дзіслаў у Навасёлках. У Пастаўскім каледжы набыў спецыяльнасці зваршчыка, муляра, вадзіцеля. Затым была тэрміновая служба ў Пячах.

— У армію праводзілі з Навасёлак, а вярнуўся ў Лагойскі раён, дзе жыве вялікая радня па бацькавай лініі, — расказваў. — Хацелася навізны, новых эмоцый ад новага месца жыхарства. Мае спецыяльнасці запатрабаваныя, таму работу знайшоў хутка. А сэрца рвалася ў Стары Двор, дзе жыла каханая дзяўчына, з якой сябраваў са школьных гадоў. Неўзабаве згулялі вяселле і сямейнае жыццё пачалі ў Лагойскім раёне. Я паступіў на завочную форму навучання ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Усё складвалася нядрэнна. Праўда, здымная кватэра, традыцыі іншай мясцовасці прымушалі часцей задумвацца пра пераезд на радзіму. Шаршнёвы не разглядалі ніякіх варыянтаў, шлях быў адзін — у ААТ «Навасёлкі-Лучай». З дзяцінства ведалі, што гаспадарка моцная, праца людзей ацэньваецца стабільнай зарплатай, ёсць перспектыва атрымаць жыллё. Таму ў маі 2016 года і перабраліся ў Навасёлкі.

Уладзіслава прызначылі спачатку памочнікам начальніка аддзялення, а менш чым праз год, убачыўшы яго арганізатарскія здольнасці, уменне працаваць з людзьмі, ініцыятыўнасць, даверылі кіраваць аддзяленнем. Падчас вырашэння вытворчых пытанняў я і пазнаёмілася з Уладзіславам. Адкрыты, энергічны, пазітыўны, тактоўны, камунікабельны. Пагаварыць, праўда, было няпроста — гутарку перапынялі тэлефонныя званкі, і начальнік спакойна, але аператыўна прымаў рашэнні: размяркоўваў людзей па ўчастках, рабіў перастаноўкі тэхнікі, даваў рэкамендацыі загадчыцы фермы.

Працаваць з людзьмі няпроста. Тым больш калі тыя ўзросту бацькоў і старэйшыя. Але Уладзіслаў умее знаходзіць падыход да кожнага. Многаму вучыцца ў галоўнага агранома гаспадаркі Веры Васільеўны Мукель, з любым пытаннем можа звярнуцца да дырэктара Юрыя Францішкавіча Шымчыка, іншых вопытных калег.

— А найлепшая практыка — уласныя памылкі, — сцвярджаў. — Не застрахаваны ад іх і я. Хоць кожнае рашэнне, перш чым яго прыняць, стараюся не адзін раз узважыць, параіцца з кампетэнтнымі спецыялістамі. У аграрыяў няма выхадных: з вясны да восені — барацьба за ўраджай, клопат пра вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ды шмат іншых задач. Безумоўна, хочацца больш часу праводзіць з жонкай і любымі дачушкамі: чатырохгадовай Маяй і Міланкай, якой няма і месяца. Яшчэ трэба было рыхтавацца да сесій, а ў вольную хвілінку стараюся хоць крышку адвесці душу падчас гульні ў валейбол.

— Хлопец мэтанакіраваны і перспектыўны, — хваліў маладога спецыяліста дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. — Вызначаецца адказнасцю, дасціпнасцю. А каб затрымаўся ў нас, маладой сям’і выдзелілі новы дом. Няхай абжываюцца, пускаюць карані.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Дата публикации: 22 Июня, 2018

Нет комментариев