Дуда – покліч часу в Поставах

Падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» працавала творчая лабараторыя, прысвечаная аднаму з найстарэйшых беларускіх нацыянальных музычных інструментаў — дудзе.

З уступным словам да прысутных звярнуўся аўтар праекта, наш зямляк Тадэвуш Стружэцкі:

— Праблема адраджэння і ўкаранення ў сучасную практыку традыцыйных беларускіх музычных інструментаў на сёняшні дзень застаецца, нягледзячы на вялікую колькасць вучэбна-метадычнай літаратуры і дысертацый па гэтай тэме. Напрыклад, два гады назад быў прэзентаваны энцыклапедычны даведнік, на старонках якога змешчана інфармацыя пра беларускія народныя музычныя інструменты.

Традыцыйная дуда складаецца са скуранога меха (пузыра), маленькай драўлянай трубкі (соскі), ігравой трубкі (жалейкі) і бурдона. Пузыр вырабляюць са скуры казы, драўляныя трубкі — з клёну, ясеню, вярбы.

У практычнай частцы творчай лабараторыі заслужаны артыст Беларусі, музыкант, кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча Аляксандр Крамко падрабязна расказаў пра дуду. Свой аповед ён дапоўніў відэаматэрыяламі выступленняў гуртоў, у склад якіх уваходзяць дудары. Гучанне гэтага інструмента прысутным прадэманстраваў са­ліст ансамбля «Кросны» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юрый Крывашэй (на здымку).

Даўней дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з важнымі момантамі жыцця чалавека. Дудар прысутнічаў на хрэсьбінах і вяселлях, і ўсюды займаў пачэснае месца. Зараз дуда зноў становіцца абавязковым інструментам народных ансамбляў. На тэрыторыі нашай краіны ёсць майстры, якія займаюцца яе вырабам.

Найстарэйшая беларуская дуда — 1877 года — захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі.

Тэкст і фота Наталлі Налей

Дата публикации: 22 Июня, 2018

Нет комментариев