Навасёлы атрымалі ключы в Поставах

Уладальнікі кватэр у новым 40-кватэрным доме па вуліцы Зялёнай, 24, атрымалі ключы ад уласнага жылля.  Сярод шчаслівых навасёлаў і мнагадзетная сям’я Мечыслава і Анастасіі Зінкевіч.

— Эмоцыі перапаўняюць, не можам нарадавацца! — дзяліліся ўражаннямі муж і жонка. — Зараз усё абмерым і ў бліжэйшы час прыступім да чыставой аддзелкі. Давядзецца вырашаць і арганізацыйныя пытанні — Мечыслаў з’яўляецца старшынёй таварыства ўласнікаў новабудоўлі.

А радавацца ёсць чаму: сям’я Зінкевіч стаяла на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў 8 гадоў. За апошнія 5 змяніла 4 здымныя кватэры. Відавочна, што словы «ўласная кватэра» гучаць для іх чароўнай музыкай. Шкадуюць толькі пра тое, што пабудаваць атрымалася толькі дзвюх-, а не трохпакаёвую. Хоць па метражы маглі на яе прэтэндаваць: выхоўваюць трох дачушак — вась­мігадовую Ганну, трохгадовую Арыну і двухгадовую Ксенію. Старэйшая дзяўчынка праводзіць летнія канікулы ў вёсцы, таму фотаздымак давялося рабіць без яе. 

 У доме 30 двухпакаёвых кватэр, 5 трох- і 5 аднапакаёвых. 14 з іх з’яўляюцца жыллём камерцыйнага выкарыстання, па 2 кватэры для ўласных патрэб пабудавалі «Віцебскэнерга» і Вытворча-мэблевы цэнтр, астатнія — жыхары раёна (19 — згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №240, 3 — цалкам за ўласныя сродкі). З поўнай аддзелкай здаюцца 16 кватэр. У астатніх трэба будзе шпакляваць сцены, класці падлогу, клеіць шпалеры, устаўляць міжпакаёвыя дзверы, усталёўваць ракавіну, рукамыйнік, ванну ці душавую кабіну. Ва ўсіх кватэрах ёсць прыборы ўліку вады, газу і ацяплення.

Будаўніцтва шматкватэрнага дома «Расвет Пастаўскі» распачаў у верасні мінулага года, увесці яго ў эксплуатацыю плануецца да канца бягучага месяца. На аб’екце ўжо завершаны работы па добраўпарадкаванні. Днямі тут з’явіліся асфальтабетоннае пакрыццё пад’езду да дома, стаянка, тратуар, падыходы да кантэйнераў для смецця і пляцоўкі для выбівання дываноў. Новымі канструкцыямі прырасце дзіцячая пляцоўка, разлічаная на два дамы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Дата публикации: 26 Июня, 2018

Нет комментариев